Праект існуе з 1997 года, стартаваў як Школа Маладога Журналіста (ШМЖ), пасля рэбрэндынгу называецца Школа Сучаснай Журналістыкі. За гэты час было падрыхтавана каля 500 чалавек з іх прыкладна кожны чацвёрты застаўся ў медыя. У 2020-м годзе адбыўся 21-шы выпуск.
Школа Сучаснай Журналістыкі рэалізуецца сумесна з грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр “Трэці Сектар”.
Мэта ШСЖ: даць разуменне, як развіваюцца сучасныя медыя, якія ўменні і навыкі неабходныя журналісту, якія патрабаванні і выклікі сёння ў гэтай прафесіі. Навучыць асновам журналістыкі, як шукаць і падаваць праўдзівую, правераную інфармацыю.ШСЖ – гэта магчымасць паспрабаваць сябе ў творчасці, падрыхтаваць публікацыі ў розных фарматах, зразумець прафесійную стылістыку, стаць аўтарамі і супрацоўнічаць з рэдакцыямі.
Праграма складзена так, каб навучыць пісаць ясна і коратка, рыхтаваць мультымедыйныя матэрыялы, у розных жанрах, шукаць фокус у інфанагодах, тэмы выбіраць цікавыя, важныя і карысныя для мэтавай аўдыторыі.Аснова навучання – прафесійны вопыт практыкуючых журналістаў і рэдактараў, уласных карэспандэнтаў буйных выданняў, фотарэпарцёраў, блогераў, спецыялістаў у галіне тэле-аўдыё вяшчання. Многія з выкладчыкаў у розныя гады і самі станавіліся выпускнікамі ШМЖ.
З першых заняткаў удзельнікі пачынаюць пісаць для сваіх праектаў і медыя, цесна супрацоўнічаюць з рэдакцыямі. Трэнеры становяцца ментарамі і дапамагаюць распрацаваць тэму, давесці матэрыялы да публікацыі. Удзельнікі вядуць свае мультымедыйныя праекты.
У ШСЖ займаюцца дарослыя без абмежавання па прафесіях і адукацыі.