Ідэя зрабіць курс “Наш зрок і наша здароўе” ўзнікла даволі нечакана ў размове з Вітаўтам Руднікам, які прапанаваў мне не толькі наведваць заняткі ва УЗВ, але і самому падзяліцца з іншымі студэнтамі тым, што я добра ведаю. Я спрабую даць студэнтам веды, адпаведныя сучаснаму ўзроўню медыцынскай навукі – зразумела, на ўзроўні спажыўца, пацыента.
Паказчык цікаўнасці да прадмету – ці задаюць студэнты пытанні. Я атрымліваю іх даволі шмат, часам адказваю нават індывідуальна пасля заняткаў. Бо не ўсё, што тычыцца здароўя, можа быць агучана публічна.
Адносіны са студэнтамі ў мяне цалкам нармальныя. Бо я не толькі выкладчык, але і сам студэнт УЗВ. Напрыклад, на занятках па польскай мове я сяджу побач з тымі, хто наведвае мой курс. Гэта, канечне, скарачае дыстанцыю і спрыяе камунікацыі.