РэтраСерада - Центр дополнительного образования взрослых "Студия полезных компетенций" Запісацца на курс Падпісацца на навіны Водгукі


РэтраСерада

«РэтраСерада» з’яўляецца сумесным праектам установы «Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых «Студыя карысных кампетэнцый» і рэстарана «Тапаз».

Танцавальныя вечарыны ў стылі рэтра праводзяцца кожную апошнюю сераду месяца ў рэстаране «Тапаз».

Кожная вечарына прысвечаная пэўнай эпосе мінулага стагоддзя. На вечарынах удзельнікі танцуюць пад хіты рэтра, даведваюцца пра музыкальную культуру мінулых часоў, удзельнічаюць у танцавальных майстар-класах.

DSC_1652

Дырэктарка Цэнтра дадатковай адукацыі дарослых «Студыя карысных кампетэнцый» Лана Руднік распавяла, як з’явілася ідэя праекта:

«Некалькі гадоў таму мы з сям’ёй адпачывалі ў Гішпаніі і сталі сведкамі адной танцавальнай вечарыны. Самымі актыўнымі на вечарыне былі сталыя людзі. Яны так прыгожа танцавалі, што мы ў захапленні стаялі з шырока расплюшчанымі вачыма. Раскаваныя, прыгожыя, акторскія. Гэта было сапраўднае свята. І тады я вырашыла, што хачу зрабіць — найперш для сталых людзей — нешта падобнае ў нашым горадзе.

Я ведаю, што ў нас ёсць летняя танцавальная пляцоўка і яна вельмі папулярная. Але ў халодную пару года яна не працуе, і такіх пляцовак у горадзе вельмі мала.

Вельмі хацелася стварыць свята, зрабіць так, каб хаця б на некалькі гадзін чалавек акунуўся ў атмасферу свята, чароўных гукаў.

Мы з нашымі партнёрамі Юлей і Уладзімірам (кіраўнікамі рэстарану «Тапаз») запрасілі ў каманду выдатных экспертаў — вядучага Аляксандра і выкладчыцу танцаў Аксану, і сталі прыдумляць сцэнар.

Мне вельмі прыемна, што яшчэ адзін наш новы праект распачаў сваё жыццё. Я спадзяюся, што ён стане папулярным сярод людзей рознага ўзросту і дазволіць  інтэграваць у святочнай, разняволенай  атмасферы людзей розных пакаленняў».

Першая «РэтраСерада» адбылася 28 кастрычніка і была прысвечаная эпохе 20-30-х гг. мінулага стагоддзя. Інфармацыю пра наступныя вечарыны шукайце на нашым сайце ў раздзеле «Навіны».