Падзеі
Верыць у сябе і ставіць на людзей

Прадстаўнікі амаль 30 арганізацый з усіх рэгіёнаў краіны бралі ўдзел у Форуме інавацыйных ідэй на карысць рэгіянальнага развіцця, які праходзіў 19-20 красавіка ў Магілёве.

Мэтай імпрэзы была папулярызацыя дзейнасці грамадскіх ініцыятыў і таго ўнёску, які яны робяць у развіццё сваіх рэгіёнаў.

Верыць у сябе і ставіць на людзей
Віталь Васількоў (злева) і Вітаўт Руднік адчыняюць Форум

Форум распачаўся дыскусіяй пра тое, ці грамадскія ініцыятывы нашай краіны сёння рэальна ўплываюць на працэсы рэгіянальнага развіцця альбо хутчэй “корпаюцца ў пясочніцы”.

Удзел у дыскусіі бралі эксперты з вельмі рознымі досведам і абсягам дзейнасці.

Верыць у сябе і ставіць на людзей

За спіной Міраслава Кобасы з Фонду імя Льва Сапегі больш за два дзесяткі гадоў працы і мноства рэалізаваных праектаў нацыянальнага маштабу.

Уладзімір Булаўскі з віцебскай культурніцкай установы “Віцебск для мяне” арганізуе культурніцкія і адукацыйныя ініцыятывы на ўзроўні абласнога горада.

Ларыса Быцко з арганізацыі “Вясковы рэнесанс” жыве ў вёсцы Стулы ў Пружанскім раёне, дзе з’яўляецца … адзінай жыхаркай, а на тэрыторыі сельсавету, у які ўваходзіць вёска, зарэгістравана ўсяго 800 жыхароў.

Верыць у сябе і ставіць на людзей

Эксперты зыйшліся на меркаванні, што грамадскія актывісты сёння ўсё ж уплываюць на развіццё сваіх рэгіёнаў, бяручы на сябе адказнасць за вырашэнне розных важных мясцовых пытанняў.

Разам з тым, гэты ўплыў мог бы быць куды больш значным, калі б дзяржава стварыла спрыяльныя ўмовы для дзейнасці грамадскіх арганізацый, для развіцця сістэмы мясцовага самакіравання, заахвочвання ўдзелу людзей у жыцці грамадства.

Вялізным выклікам для тых, хто імкнецца стымуляваць грамадскі актывізм у рэгіёнах, з’яўляецца і пасіўнасць мясцовага насельніцтва. Людзі слаба вераць у тое, што могуць нешта змяніць, слаба ўключаюцца ў працу мясцовых ініцыятыў.

Наступны блок Форума быў прысвечаны важным для актывістаў рэгіянальных ініцыятыў кампетэнцыям.

Верыць у сябе і ставіць на людзей

Дзяніс Васількоў з Цэнтра “Кола” (Магілёў) распавёў пра тое, як выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі для папулярызацыі сваёй дзейнасці.

Верыць у сябе і ставіць на людзей

Сяргей Салей (Гарадзенскае грамадскае аб’яднанне маладых навукоўцаў “ВІТ”) падзяліўся досведам распрацоўкі праектаў, скіраваных на рэгіянальнае развіццё.

Пазнавальным атрымаўся і блок, прысвечаны прэзентацыі канкрэтных прыкладаў праектаў і праграм розных грамадскіх ініцыятыў, скіраваным на паляпшэнне якасці жыцця людзей у сваіх рэгіёнаў.

Пра тое, як узваліць на сябе адраджэнне старадаўняй сядзібы і не скруціць пры гэтым шыю, распавядала Ганна Булда з мясцовага культурна-асветніцкага фонда “Шчорсы і Храптовічы”.

Андрусь Архіпенка распавёў пра арт-праект “Прыпынак Адамовіча” і тое, як ён зможа ўплываць на развіццё Бабруйскага раёна.

Верыць у сябе і ставіць на людзей

Пра поспехі і праблемы, пра стасункі з мясцовымі ўладамі, прыклады адметных культурніцкіх і іншых імпрэзаў распавядаў Уладзімір Булаўскі (сацыяльна-культурная ўстанова “Віцебск для мяне”).

Тэму супраоўніцтва паміж грамадскімі актывістамі і мясцовымі ўладамі дзеля развіцця мясцовых супольнасцей працягнуў Міраслаў Кобаса (Фонд імя Льва Сапегі). Ён распавёў таксама пра прыклады розных праектаў, рэалізаваных ў межах праграмы TANDEM.

Пра тое, як працуе і якія эфекты дае магілёўскі “Жаночы дом”, распавяла Крысціна Гладчанка.

“Што “расце” у “Цяпліцы гарадскіх ініцыятыў” і як арганізаваная яе праца” – так гучала тэма прэзентацыі Аляксандра Лазарава з магілёўскага Цэнтра гарадскіх ініцыятыў.

Верыць у сябе і ставіць на людзей

Вялікай колькасцю і эфектыўнасцю дзейнасці сваёй арганізацыі ўразіла ўдзельнікаў Форума Ганна Высоцкая (Міжнароднае грамадскае аб’яднанне  ‘SOS – Дзіцячыя вёскі’), якая расказала пра падтрымку сем’яў у крызісных сітуацыях.

Валянціна Кірылава (“УНОВІС-Форум”, Віцебск) правяла паралелі паміж грамадскай працай віцебскіх культурніцкіх актывістаў (сярод якіх былі Малевіч і Шагал) з той працай па захванні культурнай спадчыны, якая робіцца ў горадзе зараз.

Пра тое, як зрабіць насельніцтва рэгіёна больш адказным за сваё здароўе, з імпэтам распавядаў Ігар Загрэкаў (грамадскае аб’яднанне прагрэсіўнага развіцця “Полацкі цэнтр мясцовых ініцыятыў”).

Вітаўт Руднік (ГА “Цэнтр “Трэці сектар”, Гродна) прадставіў канцэпцыю гарадоў і супольнасцяў, прыязных да сталых людзей.

Прыгожым завяршэннем першага дня працы Форума стаў святочны торт ад гаспадароў імпрэзы з Цэнтра “Кола”, а таксама творчая вечарына Зміцера Бартосіка.

Другі дзень Форума распачаўся дыскусіяй пра тое, на што рабіць стаўку, развіваючы грамадскі актывізм і займаючыся рэгіянальным развіццём.

Сваімі развагамі на гэты конт дзяліліся кіраўнік Цэнтра “Кола” Віталь Васількоў,  Марыя Дашчынская (установа ўстойлівага рэгіянальнага развіцця “Крыніца магчымасцяў”, Аксакаўшчына, Мінскі раён) і Ігар Загрэкаў (грамадскае аб’яднанне прагрэсіўнага развіцця “Полацкі цэнтр мясцовых ініцыятыў”).

Верыць у сябе і ставіць на людзей

На думку Віталя Васількова, галоўным выклікам у гэтай сферы з’яўляюцца абмежаванні ў працы арганізацый трэцяга сектару. “Мы нібыта дзіця, якое гадуецца ў чамадане і не можа выкарастацца з яго” – адзначыў Віталь і прыгадаў перыяд адноснай свабоды  для развіцця грамадскай ініцыятывы ў сярэдзіне 90-х гг, калі грамадскія ініцыятывы раслі, як грыбы і вырашалі вялікую колькасць розных праблемаў.

– “Сёння трэба рабіць стаўку найперш на саміх сябе, імкнуцца зрабіць жыццё вакол сябе больш камфортным, выбудоўваць даверлівыя адносіны з іншымі людзьмі, якія таксама імкнуцца да гэтага” – адзначыў Віталь.

На складанасці працы па актывізацыі мясцовага насельніцтва звярнула ўвагу Марыя Дашчынская.

Пра тое, як важна кожнай арганізацыі знайсці сваё месца ў рэгіянальным развіцці, гаварыў Ігар Загрэкаў. Па яго словах, сёння вельмі важна быць адкрытымі да свету: падарожнічаць, заўважаць, што карыснага і адметнага робіцца ў іншых гарадах і краінах, справабаць перанесці гэта ў свой рэгіён.

Праца Форума скончылася абмеркаваннем магчымых ідэй, якія сумесна можна рэалізаваць, каб палепшыць жыццё ў розных рэгіёнах краіны.

Верыць у сябе і ставіць на людзей

Форум быў арганізаваны ўстановай “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый” (Гродна), Цэнтрам “Кола” (Магілёў) пры падтрымцы ГА “Цэнтр “Трэці сектар”, Гродна.

Гэта было заключнае мерапрыемства “Акадэміі рэгіянальнага развіцця“, якая дзейнічала ў Гродне ў 2018 г.

 

Падзеі

Усе падзеі

Прапановы

Карпаратыўнае навучанне

Дасягайце поспеху ў бізнесе і развівайце сваю кампанію разам са Студыяй карысных кампетэнцый! Поспех кампаніі ў большай ступені залежыць ад яе супрацоўнікаў. Вось чаму так важна пастаянна павышаць кваліфікацыю сваіх супрацоўнікаў і выбіраць карпаратыўнае навучанне. Якія курсы мы прапануем для...

Падрабязней

Водгукі

Нашы партнёры

  • Беларускае рэспубліканскае геранталагічнае грамадскае аб'яднанне