Нашаму чарговаму дзіцяці, самаму малодшаму з дзяцей – установе “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый” споўнілася 6 год.
Я памятаю той дзень – 24 снежня мы забралі пасведчанне пра рэгістрацыю і…радаваліся. Бо доўгія працэдуры па ўзгадненні назвы, па падрыхтоўцы дакументаў забралі шмат сілаў і веры, што зарэгіструюць. Зарэгістравалі!
І пачалася праца па стварэнні каманды, праца на тое, каб пра Студыю даведаліся.
Той, хто калісці ствараў нешта сваё, ведае, колькі сілаў забірае “паставіць на ногі” справу, якая табе падабаецца – ты не маеш права сказаць, што ты стамілася, што працоўны час выйшаў і табе пара дахаты. Ты фігачыш, аж пакуль не атрымаецца дасканала. Каб не сорамна перад людзьмі было. Дый перад сабой найперш.
Кожны год дорыць новыя выклікі і новыя адкрыцці, новыя праграмы і новых сяброў.
Гэты год нас навучыў не загадваць асабліва далёка, навучыў радавацца дробязям, радавацца сустрэчам і новым знаёмствам, берагчы адзін аднаго. Мы не ведаем, што будзе заўтра. Мы дзякум за сёння. Дзякуем нашым сябрам, дзякуем кожнай і кожнаму з нашай каманды, хто спрычыніўся да таго, каб Студыя працавала і пра яе ўзгадвалі добрым словам.
Матэрыял пра тое, што мы паспелі рэалізаваць за гэты год, неўзабаве з’явіцца, а сёння.. Сёння дзякуем за тое, што мы ёсць і прымаем віншаванні!
Карыстаючыся нагодай, шчыра віншуем усіх вас з Калядамі ды Новым годам!
Зычым моцнага здароўя, адчыненых межаў і вольнага паветра!
Лана Руднік, дырэктарка ўстановы “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый”