Што такое “Мапа заўтрашняга дня” і чым яна можа быць карыснай для гарадзенскіх грамадскіх ініцыятыў? Знайсці адказ на гэтае пытанне змогуць удзельнікі і ўдзельніцы Мапатона, які адбудзецца ў Гродна 26 лістапада.
Удзельнікі сустрэчы не толькі навучацца дадаваць інфармацыю пра свае ініцыятывы на мапу, але і даведацца пра арганізацыі з іншых гарадоў, якія ўжо адзначыліся на мапе.
“Мапа заўтрашняга дня” – гэта інтэрактыўная мапа, дзе кожны можа пакідаць інфармацыю пра грамадскія ініцыятывы з розных куткоў Беларусі, а таксама шукаць партнёраў ці магчымасці валанцёрства.
Стварылі і напаўняюць мапу актывісты грамадскай ініцыятывы “Фаланстэр“.
Сваім новым праектам яны імкнуцца павысіць давер паміж грамадскімі арганізацыямі і шырокім колам грамадзян, зрабіць больш заўважнай працу грамадскіх актывістаў, палепшыць кааперацыю паміж айці-валанцёрамі з іншымі актывістамі.
Калі: 26 лістапада ў 17.00
Дзе: вул. Будзёнага 48а – 63 (офіс ГА “Цэнтр “Трэці сектар”).
Заявіцца на ўдзел у Мапатоне можна да 25 лістапада.
Гарадзенскі Мапатон стане чарговым мерапрыемствам заснаванай сёлета пляцоўкі HrodnaImpactHub, скіраванай на падтрымку і папулярызацыю дзейнасці гарадзенскіх грамадскіх ініцыятыў.
Стваральнікамі пляцоўкі з’яўляюцца ўстанова “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый“ і ГА “Цэнтр “Трэці сектар”.